«ПЕ́СНЯ ПРА НІБЕЛУ́НГАЎ»

(«Das Nibelungenlied»),

помнік нямецкага гераічнага эпасу. Назва ад імя міфічнага народа, уладальнікаў і захавальнікаў незлічоных скарбаў. Запісаны каля 1200, упершыню апубл. І.​Я.​Бодмерам у 1757. Гіст. аснову твора склалі падзеі эпохі Вял. перасялення народаў — захоп Еўропы гунамі пад кіраўніцтвам Атылы (5 ст. н.э.). 1-я ч. паэмы апавядае пра подзвігі і смерць каралевіча Зігфрыда, 2-я — пра помсту яго жонкі Крымхільды, у выніку чаго загінула ўсё бургундскае царства. У паэме асуджаюцца жорсткасць і вераломства феадалаў, апяваюцца гераізм і высакароднасць Зігфрыда. Яе паэтыка, блізкая да фальклорнай, зазнала ўплыў феадальна-рыцарскай культуры. Да сюжэта «П.п.Н.» звярталіся Ф.​Фуке, Р.​Іордан, Ф.​Гебель, Р.​Вагнер, Г.​Ібсен і інш.

Публ.: Рус. пер. — Песнь о Нибелунгах. Л., 1972.

Літ.:

Хойслер А. Германский героический эпос и сказание о Нибелунгах. М., 1960;

Жирмунский В.М. Немецкий героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)